Сябры!
Праект «Новыя ідэі для Беларусі» анлайн-часопіса Ideaby.org вяртаецца з летніх вакацый!
Першай падзеяй другой паловы 2015-ага стане лекцыя вядомага SMM-прадпрымальніка Беларусі Аляксея Купрэева –– «Інавацыі, якія прынеслі сацыяльныя медыі ў грамадства і бізнес».
Аляксей Купрэеў –– кіруючы партнёр UFOX, найбольш паспяховага агенцтва па маркетынгу праз сацыяльныя медыі (SMM) Беларусі. Кампанія Аляксея кіруе такімі групамі як «Другой Минск», «Куда пойти в Минске», «Работа в Минске», якія аб’ядноўваюць паўмільёна падпісантаў у чатырох сетках. Галіны экспертызы Аляксея –– сацыяльны маркетынг для буйных кліентаў праз VK, Facebook, Одноклассники і іншыя сэрвісы.
Часопісу «Ідэя» Аляксей апавядзе, як сацыяльныя сеткі з месца для размоваў ператварыліся ў моцны інструмент уплыву і маркетынгу. Вы даведаецеся пра найноўшыя трэнды ў SMM і digital-рэкламе, а таксама пачуеце, як ствараліся самыя паспяховыя віральныя кампаніі. Якія магчымасці даюць сацсеткі бізнесу, сацыяльным прадпрымальнікам, СМІ? Як зрабіць прадстаўніцтва ў сацыяльных медыя найбольш эфектыўным (і колькі гэта будзе каштаваць)? Што зменіцца, калі вашыя бацькі прыйдуць у Фейсбук, ды і як увогуле сацыяльныя сеткі ўплываюць на нашае грамадства?
Аб усім гэтым мы паразмаўляем з Аляксеем. Наведнікі могуць рыхтаваць пытанні, якія можна будзе задаць таксама падчас нефармальнай размовы за традыцыйным келіхам віна напрыканцы падзеі.
Рэгістрацыя на падзею
Група ў «Фэйсбуку»
Група ва «УКантакце»
Пра часопіс «Ідэя»
Анлайн-часопіс «Ідэя» прысвечаны міжнароднай палітыцы і эканоміцы. Часопіс імкнецца паказаць беларусам найлепшыя эканамічныя і сацыяльныя практыкі замежжа, а таксама магчымасці Беларусі ў свеце. У межах праекта «Новыя ідэі для Беларусі» выданне ладзіць адкрытыя лекцыі з выбітнымі беларускімі бізнесоўцамі, даследчыкамі, а таксама прадстаўнікамі акадэмічных асяродкаў і міжнародных арганізацый.