«Мова Фэст»

Минск, 22 Февраля 13:00 - 22:00

22 лютага «Мова Фэст» – шануем мову разам з «Аліварыя»

22 лютага ў мінскім культурным хабе «ОК16» (вул. Кастрычніцкая, д. 16, к. 27) «Арт Сядзіба» пры падтрымцы генеральнага партнёра «Аліварыя» збірае разам 50 беларускіх кампаній, арганізацый, ініцыятыў і творчых калектываў, каб годна правесці маштабнае і ўнікальнае свята «Мова Фэст», прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы.

На шасці тэматычных пляцоўках «Мова Фэст»:

  • пакажа і раскажа пра дасягненні беларускай мовы за апошнія 10 гадоў;
  • збярэ разам бізнес і грамадскія ініцыятывы, актывістаў і творчую інтэлігенцыю, НДА і проста актыўных беларусаў, якія вучаць, падтрымліваюць, папулярызуюць і развіваюць беларускую мову;
  • прадэманструе рэчы, з'явы, вырабы, розныя прадукты ды мастацкія творы, якія ствараюцца па-беларуску ці прысвечаныя беларускай мове;
  • прэзентуе разнапланавасць і разнастайнасць носьбітаў беларускай мовы.

Бровар «Аліварыя» першым адгукнуўся на прапанову «Арт Сядзібы» падтрымаць  «Мова Фэст». «Аліварыя» — піўны брэнд нацыянальнага гонару, за якім стаіць болей чым 155-гадовая гісторыя, спадчына, традыцыі. Менавіта таму адной з асноўных місій «Аліварыі» з'яўляецца захаванне і адраджэнне нацыянальнай культуры, падтрымка беларускай мовы. «Аліварыя» з'явілася на рынку з беларускай назвай, а сёння паслядоўна вядзе камунікацыю на роднай мове, выпускае новыя беларускія гатункі піва, здымае рэкламныя ролікі і гутарыйць у сацыяльных сетках па-беларуску.

Афіцыйнымі партнёрамі «Мова Фэст» таксама сталі:

  • Банк Дабрабыт, які пасля рэбрэндынгу ў 2019 годзе вялікую ўвагу надае падтрымцы беларускай мовы;
  • букмекерская кантора Leon.by, якая мае паўнавартасную беларускамоўную версію сайта, актыўна падтрымлівае беларускі спорт, супрацоўнічае з беларускімі спартоўцамі і праводзіць рэкламныя кампаніі па-беларуску;
  • партал Realt.by, гід па рынку нерухомасці Беларусі, які працуе над стварэннем беларускамоўнай версіі мабільнага дадатка RealtMobile;
  • незалежны тэлеканал «Белсат», які 12 гадоў якасна вядзе сваю працу па-беларуску ў тэлеэфіры і сацыяльных сетках;
  • Symbal.by — кампанія, якая займаецца папулярызацыяй і пашырэннем рэчаў ды з’яў, якія прысвечаны беларускай мове, культуры і гісторыі.

З падрабязнай праграмай свята вы можаце пазнаёміцца на старонцы movafest.by.

Афіцыйны хэштэг свята #мовафэст дае магчымасць не толькі сачыць за падрыхтоўкай і правядзеннем свята, але і выйграваць падарункі ад партнёраў.

Свята 22 лютага ў культурным хабе «ОК16» пачнецца а 13-й гадзіне і будзе доўжыцца да 22.00. Уваход вольны.

Кіраўнік «Арт Сядзібы» Алесь Сьнег кажа: «Наша арганізацыя штогод праводзіць разнастайныя мерапрыемствы да Дня роднай мовы і прыемна, што маштаб гэтых падзей з кожным годам павялічваецца, далучаюцца новыя арганізацыі і ініцыятывы, свае мерапрыемствы праводзяць студэнты ва ўніверсітэтах, вучні ў школах, вялікія кампаніі і маленькія фірмы, усе спрабуюць прыдумаць нешта арыгінальнае і цікавае. Сёлета мы вырашылі максімальна разнастаіць праграму святкавання і паказаць шырокі спектар выкарыстання беларускай мовы ў розных сферах жыцця. І вельмі прыемна, што нашу ідэю і фестываль падтрымалі паспяховыя і вядомыя кампаніі Беларусі».

У гэтым годзе на 700 квадратных метрах культурнага хаба «ОК16» 22 лютага цэлы дзень будзе гучаць беларускамоўная музыка: фолк ад Сержука Доўгушава і гурта Vuraj, рэп ад Zrabi і Gleboki Smak, папулярная ад VAL, Ганны Шаркуновай, Марыі Ермаковай, Lear і Леры Яскевіч, рок ад гуртоў «Мутнаевока», Akute і хэдлайнера свята, які будзе абвешчаны 15 лютага.

Вядомыя людзі на адкрытай дыскусійнай пляцоўцы будуць абмяркоўваць разам з журналістам «Еўрарадыё» Змітром Лукашуком нацыянальную ідэю Беларусі, бізнесоўцы разам з журналістам «Нашай Нівы» Арцёмам Гарбацэвічам — беларускую мову ў беларускім бізнесе, а «Радыё Свабода» запросіць на прышчэпку беларускай мовы, мовазнаўца Вінцук Вячорка раскажа і пакажа, якія тыповыя, і часам смешныя, памылкі робяць пачаткоўцы ды як ад іх вылекавацца.

На прома-пляцоўцы генеральнага партнёра «Аліварыя» будзе размешчана фотазона «Аліварыя Багемскае Паровое», прысвечаная піву, якое зварыў бровар у гонар легендарнага паравога піваварнага завода XIX стагоддзя «Багемія». З даты яго заснавання, 1864 год, і вядзе свой адлік «Аліварыя». На пляцоўцы будуць працаваць прамоўтэры з гульнявым гістарычным квізам «Шануем гісторыю разам» і адбывацца дэгустацыя піва «Алiварыя Багемскае Паравое».

#мовафэст дасць магчымасць усім наведнікам свята праверыць у нечаканых фарматах сваё веданне беларускай мовы, а «Мова Бар» – паслухаць з куфлем піва вершы сяброў ПЭН-Цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Увесь дзень будзе працаваць спартовая пляцоўка ад Leon.by, на ёй Віталь Гуркоў прадставіць майстар-клас «Тайскі бокс па-беларуску». Паралельна на стэндзе «Чырвонага крыжа» і «Тэрыторыі дапамогі» пройдзе майстар-клас па першай дапамозе, дзе будзе магчымасць па-беларуску павучыцца выратаванню жыцця дарослага і немаўляці ў выпадку спынення дыхання, даведацца, дзе можна прайсці навучанне першай дапамозе па Еўрапейскіх стандартах.

На дзіцячай пляцоўцы «Наша Ніва» прэзентуе свае часопісы «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!» ды падрыхтуе інтэрактыўныя забавы разам з аўтарамі выданняў, а кампанія «Будзьма беларусамі!» прадставіць інтэрактыўную гульню-спектакль «Па слядах аднаго падання».

Цягам усяго свята будуць працаваць вулічная пляцоўка з фудтракамі «Смачна ў роце» і прома-пляцоўка «Мова, грамадства, бізнес» з актыўнасцямі, стэндамі, гандлёвымі пунктамі ад партнёраў «Мова Фэст», а забаўляць гасцей свята беларускімі традыцыйнымі гульнямі, забавамі і танцамі будуць студыя «Варгін» і капэла «Колісьнія».

Штогадовае святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы ў Беларусі стала сапраўднай народнай ініцыятывай, якую з кожным годам падтрымлівае ўсё больш і больш беларусаў. Калі яшчэ 7 гадоў таму ў гэты дзень актывісты праводзілі невялікія мерапрыемствы для вузкага кола беларускамоўных сяброў, то за апошнія тры гады адбыліся значныя змены. Напрыклад, летась прыкметнымі былі мерапрыемствы не толькі ад грамадскага сектара, але таксама ад дзяржаўных устаноў, СМІ і буйнога бізнесу.

Яркія інфанагоды і запускі прадуктаў да Дня роднай мовы ў 2019 зрабілі кампанія «Mark Formelle» з серыяй шкарпэтак па-беларуску, завод «Луч» з гадзіннікамі «Дж» і «Дз», А-100 з кубкамі для гарачых напояў, Міністэрства замежных спраў з віншаваннямі ад беларускіх дыпламатаў у розных краінах, дадатковы эфект даў спантанны флэшмоб з паведамленнямі па-беларуску ў сацыяльных сетках.

Стоимость участия

Бесплатно

Место проведения

Минск, «ОК16» (вул. Кастрычніцкая, д. 16, к. 27)

Идут 3

© 2008–2021 ЗАО «Дев Бай Медиа»
Перепечатка материалов dev.by возможна только с письменного разрешения редакции.
При цитировании обязательна прямая гиперссылка на соответствующие материалы. Пишите на [email protected].